для тех, кто слушает стихи

Уладзiмiр
Някляеў:




КАЛЫХАНКА Памяці Генадзя Бураўкіна         

  mp3  

2604 K

СЦЭНАР ("Яго вялi каб вешаць...")         

  mp3  

4257 K










КАЛЫХАНКА

Памяці Генадзя Бураўкіна


Па маёй ці тваёй,
не па нечай — па нашай віне
Беларусь, як чужая, у крэўнай сваёй старане.
І калі памірае праз роспач і скруху паэт,
Ён не той пакідае, у якім нарадзіўся, сусвет.
Той сусвет быў Айчынай. Калыскай ягонаю быў.
Ён паэта люляў, малаком белай мовы паіў,
Баіў байкі яму — 
Там у кожным паэтавым сне 
Бай хадзіў па сцяне
У чырвоным сваім каптане...
Баю-бай, баю-бай. Спяць, раскінуўшы рукі, сыны.
Сняцца некаму рускія. Некаму польскія сны.
А каму беларускія — той прачынаецца ў снах
І крычыць! І не чуе! Не бачыць! Бо прывід! Бо жах!
Спіце, воі. Мужчыны. Далёка яшчэ да відна. 
Вы праспалі Айчыну! І ў снах беларускіх яна
Не Пагоняй ляціць, а ваўчыцай на бруху паўзе
І сама сабе лапу, каб вырвацца з пасткі, грызе.
Баю-бай, баю-бай. Спіце, дзеткі, бяспамятным сном.
Маладыя ваўкі! Піце матчыну кроў з малаком!..
Даганяйце па следзе, што ў кожным паэтавым сне
Чырванее на лёсе,
на лёне,
на белым, як смерць, палатне...
..^..   











СЦЭНАР
Яго вялi каб вешаць.
Сцэну гэту
Як напiсаць?..
Была зiма?.. Цi лета?..
Па той бок вулiцы
З-за парапета
Глядзела мацi.  Як яе  назваць?
Дапусцiм, Антанiна.
Ён  Максiм.
Чаму Максiм?  А  не  Базыль, не Янка?
I клалася пад ногi брукаванка,
I дзве сарокi, сочачы за iм,
Скакалi ад таполi да  таполi.
Вас  вешалi?
Мяне яшчэ  нiколi.неры.  
I ў тым  праблема. Iяшчэ ў сароках.
Чаму iх дзве?  А не адна.
Шырока
Бруiлпся вясновая вада.
Была вясна?  Няхай.  Каля  суда
Стаялi ў шэраг шэрыя жаўнеры.
Далей паненкi ў парку.  Кавалеры.
А мацi   дзе?..  "Не, лепш, каб не было",
Падумаў ён.
I  лепш не Антанiна.
А хто тады?..
Адкрытая машына
З бартамi  звешанымi
I  пятля над ёй.
Сiнеча ў небе. Хмара над пятлёй.
Хто  за  стырном?  Ягоны  брат?  Цiсын?
Не, сын занадта. Брат.
А з-за гардзiн
З акна палаца, што каля суда,
Глядзiць яна.  Марыся?  Хай  Марыся.
Сарокi  зноў.  Жаўнеры. Парк.  Вада.
Зноў тая ж хмара, зноў сiнеча ў  высi
I позiркi з натоўпу  "Гэта ён..
Не ты...  Не я...  I  дзякуй  Богу..."
Звон.
Пачуе ён яго?  Цi  не  пачуе.
А за Марысяй той, хто з ей  начуе.
Блiшчыць пагон.  Iпрофiль.  I  рука,
Што  абняла  за  талiю.
Рака
Дугой за мпаркам.  З  крыгамi  яшчэ...
Жыццё бруiць.  Блiшчыць.  Звiнiць. Цячэ.
I  ўрэшце за выняткам усяго:
"Яго вялi, каб вешаць".
Аднаго.
..^..













всё в исп.  В. Луцкера

НА БЕРАЗЕ ІНШАГА ЧАСУ Уладзіміру А. Нараніцы прачнуцца ў Крэве І, як упершыню ў жыцці, Па садзе, што ў птушыным спеве, Да родных могілкаў прайсці. З дзядамі пасядзець, з бацькамі, Спытаць, як спалі гэту ноч?.. Пасля глядзець, як над крыжамі Плывуць аблокі часу ўзбоч. Пайсці назад праз лес, праз жыта, Праз поле, поўнае трысця, І зразумець, што ўсё пражыта, Спазнана ўсё, апроч жыцця. Ці ў сне, ці ў небе — там, Дзе быць мяне не можа, Ёсць мой высозны храм І мой у храме Божа. А тут, дзе я, дзе шлях, Дзе камяні ды сосны, — Мой снег, мой дождж, мой жах, Мой сон пра храм высозны. 2005 Я спытаўся ўчора ў Бога, Ці не сніць мяне Гасподзь? Ды з нябёс — ніхто нічога. Хоць бы слоўца. Знак бы хоць. Сёння ж з раніцы на ўсходзе надпіс з белых бліскавіц: «Ты не снішся мне, Валодзя. Бог не спіць». 12.01.2008 СВЕТ Сяргею Ваганаву Калі глядзець на свет прыветна, Не распаляць у сэрцы злосць – Свет не такі ўжо беспрасветны, Святло таксама ў свеце ёсць. І людзі ёсць, і ёсць не людзі, І ўсё, што тут стварыў Гасподзь… І ёсць сам-Свет, Ёсць цуд, І ў цудзе Ёсць мы – на міг адзіны хоць… З днём народзінаў! На мох зялёны — жоўтае лісцё. Бялюткі снег — на рыжую салому. І ў гэты ясны час, адчуўшы стому, Спакойна я кажу сабе самому: Мне ёсць чым апраўдаць маё жыццё. Не тым, што жыў, любіў… Зусім не тым. І без мяне жылі, любілі ў свеце. Не тым, што ў свеце застануцца дзеці, Не тым, што, калі дзьмуў сцюдзёны вецер, На ім стаяў і выстаяў на ім. А чым тады? А тым, што колькі мог, Не паміраў, нягледзячы на стому, А сніў і сніў жыццё!.. І, можа быць, збярог Калі не ўсё, чаго не сніць нікому, Дык хоць бы тое, што казаў мне Бог Пра снег, пра мох, пра лісце, пра салому. АДАЖЫА Памяці Яўгена Глебава Яўген Аляксандравіч Глебаў, Калі б не было ў мяне хлеба — Зайшоў бы да вас, папрасіў бы кавалак Ці то на вячэру, ці то на сняданак, Ды хлеб, дзякуй Богу, я маю, Дык, можа, праз гэта дарогу да вас забываю?.. Яўген Аляксандравіч Глебаў, Калі б не было ў мяне неба — Зайшоў бы да вас, папрасіў аблачынку Ці то на кашулю, ці то на хусцінку, Да неба маё нада мной, дзякуй Богу, Дык, можа, праз гэта да вас забываю дарогу?.. Яўген Аляксандравіч Глебаў, Даруйце! — прашу я малебна, Калі вінаваты!.. Хто ж ведаў Пра страты?.. Як вам сёння там?.. З таго боку, Дзе зоры пасеены?.. Вы Богам Нармальна паселены?.. Не горай, чым тут, дзе іскрыцца Крыштальна Каньяк на раялі?.. З «Маленькага прынца» Адажыа Богу сыгралі?.. Яўген Аляксандравіч Глебаў, Вунь колькіх Віхураю згрэбла І носіць, як пыл над зямлёю, І мала хто знае пра тое, Дзе ўрэшце акажацца, А вы — на нябёсах, хоць вам — без патрэбы… Хай слухае Бог вас, Яўген Аляксандравіч Глебаў, І доўжыцца, доўжыцца, доўжыцца ваша адажыа… Спіш яшчэ, мая ты сплюшка? Дзве цукеркі пад падушкай Там, дзе ты… А там, дзе я, Дзверы з вочкам і кармушкай, Камера дзявятая. Да мяне прыйдзі ты ночкай, На мяне зірні ты ў вочка І кармушку адчыні, Дай цукерку мне да чаю І цукерку вертухаю, Каб не гаўкаў дзень пры дні. 16.01.2011 Арыштаваныя крыжы. Нябесны Ойча, адкажы, Ці час нам брацца за нажы, Ці падстаўляць шчаку другую, Як падстаўляе з году ў год Яшчэ няспраўджаны народ, Што сам з сабою варагуе? Даруй нам, Божа. Не карай. Хай сам сябе знішчае край, Той родны кут, што так нам мілы, Дзе ў храмах молімся чужых, Дзе мёртвым сорамна за тых, Хто зневажае іх магілы! Даруйце нам, дзяды, бацькі… Хай вам баляць, пякуць цвікі, Якімі вы раскрыжаваны, Хай Беларусь, уся ў слязах, Пакуль мы таньчым на касцях, Галосіць, ліжа вашы раны! Няхай паміж крывавых вех На здзек сыходзіць і на смех Усё, што стала нашай доляй, І хай знямее той народ, Няхай той род ідзе на звод, Які не заручыўся з Воляй! Даруй смяротны грэх, Гасподзь! Хай век не скінуць нам аброць, Хамут, што самі мы надзелі!.. Хай прахам стануць дух і плоць, Але пакінь надзею хоць, Пакінь мне, Госпадзі, надзею… КАНСПЕКТ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ Алесю Краўцэвічу Крыжамі на полі карчы. Я ў полі араты. А ў хмарах мяне крумкачы Цікуюць зацята. Каб сэрцы маё разарваць І выдзеўбаць вочы!.. Дык што мне: крычаць?! Ці маўчаць? “Крычы. Але моўчкі”. Маўчу. Бо запомніла кроў На вечныя векі: Як выйдзе мой крык з берагоў – Скрывавяцца рэкі. Зазвоняць над полем мячы, Заціўкаюць кулі… І кажа мне памяць: “Крычы! Ды так, каб не чулі. Бо ўсіх нас – касой! Як траву – Ад краю да краю!..” Я моўчкі крычу і жыву. Я моўчкі ўміраю. І некалі моўчкі радня Спытаецца ў скрусе: “А што гэта за цішыня Над тым, што было Беларуссю?..” 26.09.2018, Гарадзеншчына, в. Дабравольшчына КАЛІ МЯНЕ НЕ СТАНЕ Ліст да Вольгі 1 Калі мяне не стане, не сумуй! Я так хачу, каб ты не сумавала, Каб з губ, што мне шапталі пацалуй, Усмешка сарамліва не знікала, Каб не губляла ты мяне нідзе, Каб не шукала ў снах, на фотаздымках, Каб днём і ўночы ты ў маіх абдымках Хавалася, як ластаўка ў гняздзе. Калі мяне не стане – ты жыві, Забыўшыся, што я цябе пакінуў. Я – у табе, я – у тваёй крыві, А не ў халодных вежах успамінаў, Не ў тых лістах, якія напісаў, Не ў словах тых, якія можна сцерці, А ў той радзімцы, што пацалаваў, Упершыню ў сабе адчуўшы сэрца. Яно – тваё. І я не забяру Яго ў цябе. Не стаўшы, не памру, А проста так не стану, як растане У небе дым, ці гэтак, як не стане За дымам сцежкі, возера ў тумане, За возерам вячэрняга агню, А там, за ім, дзе зноў святлее ранне, Слядоў тваіх, якіх не даганю... Калі мяне не стане, ты налі Віна, якое ў святы мы пілі, У тонказвонкі келіх свой любімы І выпі за ўсё тое, чым былі мы Шчаслівыя, чым дыхалі, жылі, Што мне праз час, праз вечнасць будзе сніцца Так, як сляпому сніцца бліскавіца, Што ўпала ў цемру на крайку зямлі. Калі мяне не стане, не віні Сябе ні ў чым. Як ноччу пры агні, У скрусе не сядзі перад віною, Якой няма ў цябе перада мною І не было, бо ночы ўсе і дні, Пражытыя з табой, былі, як святы, Бо я не меў бліжэй, чым ты, радні, І калі нехта з нас і вінаваты, Дык толькі я, а ты – ані, ані... “Цябе не я, а Бог мне выбіраў. Калі б не выбраў, так бы пакараў, Як анікога ў свеце не каралі”, – Шаптаў табе я, калі цалаваў Твае пагоркі, гэтак хітраваў, Баяўся так, каб не раскрыжавалі За тое, што цябе я ў Бога ўкраў, Калі і Ён, і ўсе анёлы спалі!.. Але прачнуўся Бог – і дараваў. Адзіная! Прашу цябе, малю, Усім, што меў і маю, заклінаю, Любі мяне, як я цябе люблю, Кахай мяне, як я цябе кахаю, Даруй мне так, як дараваў мне Бог, Што даў каханне, каб у ім загінуць І праз яго ўваскрэснуць, каб пакінуць Цябе ў жыцці і смерці я не мог! Яно не згіне, знак яно пакіне, Як след на гліне, дзе ступаў святы, Ці крыж на камяні ў сцяне святыні, У храме, дзе Любоў хрысціла ты, Дзе на Вялікдзень, голасам літым Гукаючыся ў кожным Божым слове, Усе званы захлёбваліся ў звоне, Калі ўвайшла ты крокам трапяткім Са свечкаю, Уся У залатым – І хросная, і хрэсніца Любові! Ты ў ёй жыла, яна жыла ў табе, Яна на міг цябе не пакідала І плакала з табой, і святкавала, Пакутвала – крывінкай на губе У час пакут нясцерпных праступала, І ў ёй крывінкай праступала ты... Калі маланкі білі з цемнаты, Калі палалі прада мной масты, Ты бегла першай і агонь гасіла, І бараніла!.. Ад варожай сілы Ніхто не бараніў мяне, як ты! Ты ўсё трывала! Крыўды ўсе і здзекі... Калі масты абрушваліся ў рэкі, Палаючы, круціліся ў вірах, Куды сторч галавой кідаўся страх, Каб зратавацца на плытах, ці ў лодцы, А ты за мной – па лёдзе, па паводцы, Па крыгах, па раз’ятранай рацэ... Калі агонь з вадой былі бядою, Ты прыручала іх, агонь з вадою, Яго ў адной, яе ў другой руцэ! 2 Каханая! Я стаў табой. Ты мною. Я стаў агнём, прыручыным вадою, А ты вадой, прыручанай агнём, Мы дзве стыхіі прывялі ў наш дом, Дзе ўпершыню абняўшыся, адчулі, Як мы падпоры свету скаланулі, І ў выбуху рассыпаўся сусвет На зоркі, астэроіды, каметы, І мы былі нібы ў пачатку свету – І там былі мы, дзе сканчаўся свет. Далей ісці нам не было куды, Але мы йшлі далей, за край, туды, Дзе не было ўжо неба і зямлі, Дзе тыя, што да нас з табой жылі, Ані ў жыцці, ні ў смерці не бывалі, Дзе ні агню няма і ні вады, Адзін нябыт ды Божыя сляды – І мы слядамі Божымі ставалі. Я так цябе кахаў – да спапялення. У турмах, у катоўнях, у скляпеннях За кратамі, якія ўночы грыз, Я падымаўся, калі йшоў уніз, Ні перад кім не падаў на калені, Бо я стаяў на іх перад табой, І не маліў я літасці чужой, Бо толькі да цябе мае маленні. Каханая! Калі ці там, ці тут Дзе будзе правы, ці няправы суд, Што звінаваціць у віне любой, Які мяне асудзіць за разбой, За здраду – і звяршаць той вырак каты, Ты ведай і па страце, і да страты: Я толькі прад табою вінаваты, А болей ані ў чым ні перад кім На гэтым свеце і на свеце тым. Але хацеў я гэтага, ці не, Віна жыла ўва мне – і я ў віне, І калі ты не даравала мне, Тады, калі маліў пра дараванне, Пра літасць, ратавальніцу кахання, Якое ў нас да самагубства мкне, Бо жарсць яго катуе невыносна, Дык я цяпер, пакуль яшчэ не позна Маліць, прасіць, малю адчайна, слёзна: “Даруй!.. Даруй!.. Даруй!..” – цябе прашу, Пакуль мяне з табой не раз’ядналі, Пакуль жыву, пакуль маю душу Не асудзілі, ці не апраўдалі. На тым шляху, што выбраны не намі, На тым, які нам Божа даў, вяку Я праз цябе з віною і грахамі Прайшоў, нібы праз горную раку, Дзе берагі іскрылі, як каралі, Дзе й следу не пакінула брыда!.. Я не баюся Божага суда, Бо ты мяне абмыла, як вада, Якою пры хрышчэнні абмывалі. Калі й застаўся нейкі грэх, дык твой. Той першародны, што й не грэх нібыта, Бо ты была паганскаю вадой, Дурманных зёлак росамі абліта, Той варажбой, той жарсцю маладой, З якою мы кахаліся на плёсе, Імлу жадання на шматкі рвучы, А потым доўга ў ліпеньскай начы Плылі, як два купальскія зьнічы, Па рэчцы, па вадзе, па нашым лёсе. Ніводны міг у лёсе не былы!.. Каханая, ты чуеш ток імглы?.. Як ён ідзе... стуль, дзе імгла... здалёк... Як нас наскрозь пранізвае той ток!.. 3 Мы так жылі, нібыта са скалы Зрываліся – і ў бездані ляцелі, І соладка імгла блукала ў целе, І пульсавалі іскаркі імглы Між дотыкамі цела трапяткімі, Між кончыкамі пальцаў і тваёй Шаўковай скурай, скураю маёй І матылькамі-пальцамі тваімі. Калі ёсць рай, дык начаваў я ў ім. Каханая, мы ў ім яшчэ ляцім, Нас змей залатаскуры спакушае – І залатыя яблыкі зрывае, І коўдрай накрывае, калі спім. Ён ведае, што Бог нам дараваў, І засцілае дываном дарожку Да нашых жарсцяў... І калі, як кошка, Ноч падкрадзецца, ляжа каля ложка, Як дзень адыйдзе, поўных тлумных спраў, Спакусліва з-пад коўдры высунь ножку – І я ўваскрэсну, як не паміраў. Хоць шэптамі, хоць моўчкі пазаві – Гукнуся я ў імгле тваёй крыві, Ты й не заўважыш, што была прапажа! Усё, што разарвалася, звяжу, А ўвечары, як сон на вейкі ляжа, Я казку пра каханне раскажу, Бо хто табе яшчэ яе раскажа?.. Я так яе пачну – і ты пачуй: Каля мяне не стане, не сумуй У гэтым свеце, бо пакуль ёсць ты, Так свет тваёй красою наліты, Як ягада на ўснежанай каліне, З якой ужо скружыліся лісты На сінюю ваду, што ў рэчцы стыне... Каханая! Мне гэты свет чужы Быў без цябе! Я быў, як на крыжы У свеце гэтым, дзе адны магілы, І толькі праз цябе ён стаў мне мілы, Стаў Божым светам з вобразам святым, І калі ветрам вечнасці пустым Мяне сарве, як ліст зрывае з дрэва – Я буду там кружыць, дзе ты і Крэва, Нідзе не быць мне болей і ні з кім. Няхай і гэты свет – і той міне, Ды не міне імгненне, што між імі, Паміж удыхам з выдыхам мільгне, Паміж тваімі вуснамі з маімі, Што зблізіліся так – да нематы, Зліліся гэтак, што ні я, ні ты Іх разамкнуць, разліць, разняць не ў стане, Што я тваё, а ты маё дыханне. Ніводны міг у лёсе не дарма. Я болей стаў тваім, чым ты сама, І больш, чым сам я, ты маёю стала, Такая сіла нас спляла, з’яднала, Што большай сілы на зямлі няма Ані ў людзей, ні ў птушак, ні ў звяроў, Каб разняла нас ці жывых, ці мёртвых, – Хіба што можа разарваць аорты, Але й тады зліюцца кроў і кроў. Нішто не памірае ў той жа дзень, Як памірае. Лёс не гэткі горкі. Пагасне зорка, але йдзе прамень... Я прамянём вяртаюся да зоркі. 5.03 - 20.03.2019, Мінск, Вільня. ВАВУКІ Паэма Таццяне Процька Я ў Крэва ехаў. Да сябе самога. Была мне звыклай крэўская дарога, Было спакойна, ціха на душы,– І раптам хатку я каля шашы Убачыў недалёка ад Вавукаў, Дзе не было раней яе... Пастукаў, Спыталі: “Ганя, мы яго чакалі?” “Не, – адказала Ганя. – Не яго”. “Ты ўжо сама не ведаеш, каго Чакаеш...” – за дзвярыма прабурчалі. І запрасілі: “Вы заходзьце ў хатку. На Ганю не зважайце, бо вар’ятка”. Я на парог ступіў. Вялі з парога Дзве лесвіцы. Уніз і ўверх вялі. А больш у хатцы не было нічога. “Так, не зважайце, – быццам з-пад зямлі Сказала Ганя. – Бо стралой параню, Я сэрца ваша, а душу згублю, Калі вы закахаецеся ў Ганю. Не пакахайце! Я не вас люблю”. “Таго, каго ты любіш, ці забілі, Або яшчэ не нарадзіўся той...” – Сказаў старэчы Голас, і ў пустой Хаціне пад Вавукамі завылі, Нібы зімой галодныя ваўкі, Завеі, сцюжы, ветры, скразнякі, І так узвыў галодны голас Гані, Як з голаду ваўчыца вые ўранні Ва ўсе нябёсы і зямныя далі: “Нікога ва ўсім свеце не кахалі Так, як сябе кахаю я сама Каханнем тым, што не мінае марна, І як высока, як самаахвярна Мяне кахае той, каго няма!” “Я ж вам казаў: вар’ятка”, – мовіў Голас. І раптам я адчуў ваўчыны голад І ў горле боль такі, што ледзь стрываў, Каб не завыць!.. “Дык я яго спаткаў”, – Сказаў скрозь боль. “Каго?” – спытала Ганя. “Таго, каго няма”. Стары спытаў: “Каго?..” – А Ганя закрычала: “Ты яго Не мог спаткаць, бо не спазнаў кахання, Не зведаў вышыні, якая ў ім, Якая з небам, як адно ў адным, Дзе так высока, што не розніць вока Пачатак і канец, дзе зліты даль і блізь, І дзе ідзеш не блізка ці далёка, А толькі знізу ўверх – і толькі зверху ўніз!” “Заўсёды і паўсюль, – пачуўся Голас зноў, – Ёсць даль для чарвякоў і высь для каршуноў, І ці кахаеш ты, ці ненавідзеш, Калі ідзеш да небасхілу, прыйдзеш Урэшце рэшт туды, адкуль пайшоў. Такі твой шлях зямны...” “Ты можаш выбраць зорны... Ці белы коршун ты, ці коршун чорны, Ці чорны коршун ты, ці коршун белы, – Заваражбіла Ганя і ўзляцела... – Ступі на лесвіцу!..” “Скажы мне, на якую?!.” “Любую выбірай!..” І я ступіў на тую, Што ўверх вяла... О, як яе хістала!.. Як быццам ні на чым яна стаяла – На тым, чаго няма!.. “Так свет увесь стаіць, – Сказаў стары. – Нібыта ні на чым. І ўсе мы ў ім, як ні на чым, стаім”. “Ступіў, дык падымайся!” – падала Руку мне Ганя... Лесвіца вяла Вышэй, вышэй – канца ёй не было... “Вунь там, наверсе, дзе ў святле святло, Ён адпусціў руку маю, сарваўся, – Сказала Ганя. – Там ты з ім спаткаўся, Калі напраўду ты спаткаўся з ім”. “Чаму ён адпусціў?.. Ён пабаяўся Вышэй падняцца?..” “Не, не пабаяўся. Там не ўстаяць было ўжо нам дваім. Ніхто яшчэ ўдваіх на месцы тым Не выстаяў. Адзін – або адна!..” І вырвала сваю руку з маёй рукі яна! “Ён быў найлепшы з тых, хто быў табой! – Яна крычала з лесвіцы пустой, З якой уніз услед за мной злятала. – Я ведала! Я ад пачатку знала, Што гэтым скончыцца!..” “Адкуль ты знаць магла?!.” “Бо ў ім жыла! Пасля ў табе жыла! І ўбачыла, што ты не станеш ім, І што не жыць вам аднаму ў адным! І ты забіў яго! Забіў яго ў сабе!..” “Яна ўвесь час, – сказаў стары, – дзяўбе Адно і тое. Не перадзяўбаць... Народжаныя мы, каб забіваць Сябе ў сабе раней, чым прыйдзе смерць, Але нашто праз гэта вар’яцець? Найпростае жыццё ў сваёй аснове, На выбар – толькі два шляхі ў жыцці: Уверх – каб падымацца да любові, І ўніз – каб да нянавісці ісці”. Я ўжо спускаўся ўніз. Глыбока пада мной Цямнела дно – і дно было зямлёй, І Ганя ёй была, і з дна, з яго цямна Цяжарнай падымалася яна, І, як зямля, жывот яе круглеў, Якім яна казала нараспеў: “Я думала: каханне нас міне, Ды не мінула, вось яно ўва мне, Мы ў вышыні яго шукалі не дарма, Цяпер яно там ёсць, хоць нас з табой няма...” Я вар’яцеў!.. Не, так не можа быць!.. “Народжаныя мы, каб нарадзіць Сябе ў сабе раней, чым прыйдзе смерць, Але нашто праз гэта вар’яцець? – Пачуўся ў Гані Голас. Слова ў слове!.. – Найпростае жыццё ў сваёй аснове, На выбар – толькі два шляхі ў жыцці: Уверх – каб падымацца да любові, І ўніз – каб да нянавісці ісці”. Спрэс тое самае! Зямля і неба спрэс!.. Але ў тых самых словах іншы сэнс Так праступаў, нібы расток, калі Ён праступае з таямніц зямлі, Ці як дзіця з’яўляецца з улоння... “Даволі, Ганя... Досыць на сягоння, – Зямля сказала Голасам спрадвечным. – Амаль усё, што ў сіле чалавечай Адчуць і вытрываць, адчуў ён і стрываў...” “Не ўсё яшчэ... Яшчэ ён не сказаў...” “Чаго ён не сказаў?..” “Ці так мяне жадаў, Ці так кахаў мяне, як я яго кахала?..” Я выйшаў з хаты... Сцюжа замятала, Дарогі – не праехаць, не прайсці! “На выбар – толькі два шляхі ў жыцці”, – У скронях білася. Кружылася завея, І я кружыў, не помніў: хто я, дзе я? – З пагоркаў падаў, па лагчынах бег, Кідаўся зверху ўніз і знізу ўверх, Адчаю поўны, поўны жалю, скрухі, Як снегам поўныя завеі, завірухі, І ў тых завеях, сцюжах, завірухах Услед мне вылі ўсе ваўкі ў Вавуках. 23-25 кастрычніка, Швецыя, Лунд. ДОЧКІ БОГА Анхеле Эспіноса Калі зямлю пустошыла чума, Калі людзей выкошвала халера, Не паміралі ні Любоў, ні Вера – Іх берагла ад смерці Смерць сама. У іх прад Богам не было віны, Але з усімі ў той жахлівай дзеі Яны жылі – і ў кожны дом яны Прыводзілі сястру сваю Надзею. І ў тых, куды ўпускалі іх, дамах Імёны іх у мёртвых на губах Шапталіся – і ажывалі тыя!.. А тыя, у каго ўсяляўся страх, У пыл ператвараліся і прах Яшчэ тады, калі былі жывыя! Як мусіць быць, так будзе на вяку. Ідуць жыццё са смерцю пад руку Зямнымі і нябёснымі шляхамі, І туляцца шчакою да шчакі – Да кожнага – тры Божыя дачкі, Якія і ў апошнім дыху з намі. 27.03.2020 АДЗIН Чужы чужым — яны знайшлi свайго, Не свой сваiм — яны пайшлi з чужымi, Не тузайся нi з тымi, нi з другiмi. Як ты адзiн — ты больш за аднаго. У высi птушка, Рыба ў глыбiнi, Вандроўнiк на фантомным небакраi, Як ты адзiн — ты не змарнуеш днi На тое, каб спазнаць законы зграi. Як ты адзiн — аднойчы ўночы ты, Угледзеўшы iмгненны след каметы, Уцямiш таямнiцу пустаты, З якой Гасподзь саткаў усе Сусветы. Як ты адзiн — ты боскай тканкi нiць У вушка голкi зловiш i, быць можа, Пустое станеш ткаць, пустое шыць, — Як ты адзiн, Як Бог у тым паможа. ВЯЧЭРА Мікалаю Лабкоўскаму, групе ТР-22 Расхінуўшы наросхрыст душу, На вячэру сяброў запрашу, Тых, з кім здрада не ўціснецца ў дзверы, Хто мяне на прадасць на вячэры. Буду слухаць іх, срэбнагалосых, Тых, хто побач, і тых, хто ў нябёсах, З кім, абняўшыся раз на зямлі, Мы ў абдымку жыццё пражылі. Я збяру ў маім доме сяброў, У якіх той жа дух, тая ж кроў, Тая ж вернасць сяброўская ў сэрцы, Праз якую сяброўству не ўмерці. Я сяброў запрашу на вячэру, Тых, якія не маюць намеру Мне ў чым-небудзь карыснымі быць, Нешта выхітрыць, вырваць, здабыць. Я паклічу сяброў не патрэбных, Беспасадных, бяссувязных, бедных, Тых, з якіх анічога не ўзяць - Толькі вецер сяброўскі ганяць. І падумаць, ганяючы вецер: Дзякуй Богу, што ёсць яно ў свеце, Тое, што не прадаць, не купіць… І чаго ўжо й няма, можа быць. ВАДА Ігару Шклярэўскаму Святая, запаветная, Уся ў сябе сама, Вада Такая светлая, Нібы яе няма. І да святла празрыстая, Уся сама ў сабе, Душа Такая чыстая, Нібы няма яе. Сонца над Токіа. А над Нью-Ёркам агні. Каваю пахне Парыж. А Стамбул пахлавою. Ціха плывуць над зямлёю Апошнія мірныя дні Перад апошняй сусветнай вайною. Марш Мендэльсона ў палацы Манака гучыць, Правіцца баль, на вяселлі гуляе паўсвета, Соладка п’ецца віно, але ўсё-ткі на вуснах гарчыць Перад апошняй вайною апошняе лета. У Ватыкане моліцца Папа за мір, У Аль-Хараме малітвы над храмам, як ветразі, Ніл працякае, як вечна ён цёк, праз Каір – Ды ўжо паціху вада чырванее пры беразе. Ціша над Крэвам, дзе лес поўны спелых суніц, Але ўзгулі бамбавозы над замкам над Крэўскім – І асыпаюцца ягады, падаюць кнігі с паліц: Дантэ з Шэкспірам і Ніцшэ з Ф.М.Дастаеўскім. Колькі прарокаў! І ўсе – пра канец. Пра сыход. Піфія ў Дэльфах. Ісая і Аўдзій. І Ванга. Вось і танцуе Дэтройт свой апошні факстрот, І Аргенціна танцуе апошняе танга. Бліскае срэбрам на рынку Пусана луска, Заўтра ўжо сейнеры могуць не выйсці на ловы, Новы “Лятучы галандец” – крэйсер “Масква” Сёння ўваходзіць ва Ўсходняе мора... Сталёва Бліскаюць лодкі падводныя там, дзе кіты Шляхам адвечным плывуць, дзе гарэзяць дэльфіны... Піфія з Дэльфаў! Прарочыла гэта не ты! І не Ісая прарочыў Кроў Украіны! Можна прарочыць такое, калі звар’яцець, І калі ўбачыць, ступіўшы за ўсе небасхілы, Як перад смерцю ўкраінскай красуецца руская смерць Каля магілы. На піраміды Егіпта цярушыцца вечнасці пыл. “Жні, што пасееў”, – напісана ў фіўскіх грабніцах. І падымаюцца пылам і прахам з магіл Дзеці і ўнукі, якім ужо не нарадзіцца. А ў рэстаранах, у барах і пабах, ва ўсіх кабарэ, Дзе куртызанка Еўропа спявае і грае, Break. Перапынак. Бо жах куртызанку бярэ: Божая Маці ў яе на руках памірае. МОЙ ДРУГ, МОЙ БРАТ Евгению Евтушенко Мой друг, мой брат, привет тебе, привет! Ты руку подал мне в нелегкий час, не мешкая. Поэт в России больше,чем поэт - И в Беларуси он ничуть не меньше. Ну, вот ему и вышел укорот. В том ничего невиданного нету. Пророс 37-й гадючий год Из ненависти подлецов к поэтам. Неся кресты, терновые венцы, Поэты, наши кровные отцы, Шли по этапам, вешаясь, стреляясь, А вслед им ухмылялись подлецы, В самих себе, как в коконах, рождаясь. Они себе цепляли ордена И на погонах звезды зажигали... Они украли наши времена! Они страну у нас с тобой украли! Украли нашу музыку, стихи, В лай превратили речи нашей звуки, По всем святыням расползлись, как мхи, - Не трогайте моё! Отдайте, суки! Пусть я кричал про то не по уму, Пусть не туда я встрял - и мне за это Башку отбили, бросили в тюрьму, Но я не предал сам в себе поэта. Поэзию не предал, видит Бог... Одно мне душу мучает до жженья: Какой за нами неоплатный долг! С ума сойти! Но мы отплатим, Женя! Не отдадим на поруг и на смех Святое наше братство цеховое... Мы, может быть, последние из тех, Кто еще помнит, что оно такое. Еще вдохнем мы терпкой густоты Вина, стихов и, как не раз бывало, Я выпью за Есенина, а ты, Со мной обнявшись, выпьешь за Купалу. И будут в окна бабочки на свет Лететь всю ночь, и лики с небосвода Всю ночь смотреть... Привет тебе, привет, Мой друг, мой брат!.. Привет тебе, свобода! 25.12.2010, внутренняя тюрьма КГБ РЫМЦЕЛІ Алесю Бяляцкаму Калі слухаць і слухаць, Як выюць за кратамі вецер са снегам, Як у фортцы звініць і звініць зледзянелае шкло, Можна ўспомніць варагаў з хазарамі і печанегаў – Шмат чаго, што мінула, нібы не было. Можна ўспомніць Афіны і Рым, і падумаць пра рымлянак, Пра гетэр – не хапае за кратамі рымскіх гетэр… Але ўспомніўся мне воўк у лесе зімовым пад Рымцелямі: Як, унюхаўшы пах чалавечы, ашчэрыўся звер! Не таму, што галодны. Я бачыў па бруху: наеты. Ён да логвішча йшоў – і не быў я ў патрэбу яму. Але пах, які вычуў ён, быў не з ваўчынага свету: Звер учуяў турму. Можна ўспомніць, калі зазвініць капяжамі адліга, І за кратамі ценькне вяснова нараніцы птах, Як ашчэрваўся свет на Хрыста і на Марціна Лютэра Кінга, На любога і кожнага, хто чалавечынай пах. Можна ўспомніць… Але у ваўчыных вачах – не пра тое… Скрозь прапахла зямля потам, спермай, мачою, крывёю Ад Афінаў і Рыма – і да Калымы!.. Ды нішто і ніхто ў гэтым свеце не пахне турмою. Толькі мы. Суровы век. Сталёвы скрыгат спрэс. I ўсё ж не згаслі, Узышлі прароча Над лёсам веку вочы паэтэс — I вочы Анны, і Марыны вочы. Пранізваючы цемру аблачын, Яны гараць на даляглядах сцюжных. Паэзія — занятак для мужчын. I для жанчын. Паэзія — для мужных. Яна не чалавечы — божы знак, Які гартуе душы трапяткія. Дай бог так мужна жыць, Памерці так, Як мужна памірала Еўдакія. I калі гром нябёсы скалане, Глыбінь зямных спасцігну прыцяжэнне, Не свечку вы пастаўце — Келіх мне, Каб мог падняць і ў цёмнай старане Яго за вас, Таіса, Рая, Жэня... СУМЛЕННЕ “...Бог – Сумленне ў чалавеку”. (З ранніх вершаў) Паўлу Севярынцу Калі ўжо Гасподзь апрануў мяне ў плоць, Калі я паўстаў, як яго падабенне: «Не ўсё табе даў я», – сказаў мне Гасподзь. « А што ты не даў мне?» «Сумленне». «Дык дай Ты мне тое, чаго не дадаў. Ці, можа, сумленне з сабой Ты не носіш?» «Ты проста не ведаеш, – Бог адказаў, – Што гэта такое? Чаго ў мяне просіш. Я даў і нянавісць табе, і любоў, Не пашкадаваў для цябе я нічога. Сумлення не даў, бо нідзе не знайшоў, Не ўсё ў Божым свеце ёсць нават у Бога. І ты яго можаш таксама не мець, Бо будзе балець да разрыву аорты! «Навошта ж мне тое, што будзе балець?» «Каб я адчуваў, што жывы ты. Не мёртвы». «Дык я й без сумлення нібыта жывы. І нават да Бога падобны нібыта». «Жыцця я насеяў, бы ў полі травы, На межах быцця і на межах нябыту. Сумленне ж ніяк не пасеяць, не зжаць, Яно – самародак у нетрах Сусвету». «Дык дзе ж яго ўзяць?..» І сказаў Бог: «Шукаць. Цябе і стварыў я ў Сусвеце на гэта».