|
|
|
для тех, кто слушает стихи Максiм |
mp3 |
||
mp3 |
||
mp3 |
ПЕРАПIСЧЫК На чыстым аркушы, прад вузенькім акном, Прыгожа літары выводзіць ён пяром, Ўстаўляючы паміж іх чорнымі радамі Чырвоную страку; усякімі цьвятамі, Рознакалёрнымі галоўкамі зьвяроў І птах нявіданных, спляценьнем завіткоў Ён пакрашае скрозь – даволі ёсьць знароўкі – Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі, І загалоўкі ўсе, – няма куды сьпяшыць! Парой ён спыніцца, каб лепей завастрыць Пяро гусінае, і гляне: сьветла сонца Стаўпамі падае праз вузкае ваконца, І круціцца у іх прыгожы, лёгкі пыл; Як сіняваты дым нявідзімых кадзіл, Рой хмарачак плыве; шырокімі кругамі У небе ластаўкі шыбаюць над крыжамі, Як жар гарашчымі, а тут, каля вакна, Малінаўка пяе і стукае жаўна. І зноў ён схіліцца, застаўку зноў выводзіць Няяркім серабром; нячутна дзень праходзіць; Ўжо хутка будзе ноч, і першая гвязда Благаславіць канец прыгожага труда. (1912) ..^.. КНІГА Псалтыр, пакрытую няжорсткай бурай кожай, Я ўзяў і срэбныя засьцёжкі адамкнуў, Перачытаў радкі кірыліцы прыгожай І воску з ладанам прыемны пах пачуў. Вось псальма сьлічная. «Як той алень шукае Крыніцы чыстай, так шукаю Бога я». Як вее сьвежасьцю яе краса жывая! Як радасна далей сьпяшыць душа мая! І бачу я ў канцы няхітрую прыпіску, Што «кнігу гэтую раб Божы, дзяк Гапон, Дзеля душы сьпісаў у месьце Ваўкавыску У рок сем тысяч сто васьмы з пачатку дзён». (1912) ..^.. У ВІЛЬНІ (Санэт) Ліхтарняў сьвет у сіняй вышыне... Вітрынамі зіяючыя крамы, Кавярні, мора вывесак, як плямы, Анонсы і плякаты на сьцяне. Кіпіць натоўп на жорсткім вулак дне! Снуюць хлапцы, суюшчыя рэклямы... Разносчыкі крычаць ля кожнай брамы... Грук, гоман, гул, – усё ракой імкне. А дальш – за радам кас, ламбардаў, банкаў, – Агні вакзала... павадка фурманкаў... Віры людзей... сіпяшчы паравоз... Зялёны семафор... пакгауз... склады... Заводаў коміны пад цьмой нябёс... О, горада чароўныя прынады! (1911–1912) ..^..
всё в исп. В. Луцкера